• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Зварот Святланы Ціханоўскай да Пастаяннай рады АБСЕ ў Вене, 2022

    01 чэрвеня, 2022

    «Спадарыні і спадары,

    Паважаны амбасадар Карпентэр, паважаная амбасадарка Астраускайтэ, шчыра дзякую Вам за арганізацыю гэтай сустрэчы.

    Радая бачыць тут столькі нашых сяброў. Я памятаю першыя месяцы нашага дэмакратычнага руху і тое, як адкрыта вы выказваліся пра Беларусь. Вашая падтрымка, вашая ўвагу дапамагалі нам трымацца.

    Сёння, на фоне крызісу, які разгортваецца ва Украіне, Беларусь лёгка выпусціць з-пад увагі. Аднак яе роля застаецца вырашальнай – і для свету ва Украіне, і для стабільнасці ў Еўропе.

    Удзел Лукашэнкі ў вайне, развязанай Расіяй супраць Украіны, – гэта заканамерны зыход палітычнага крызісу, распачатага ў 2020 г.

    Калі б мы перамаглі ў 2020-м, нападу Расіі на Украіну магло б і не быць. І сітуацыя ў Еўропе зараз была б зусім іншая.

    Гледзячы на ​​тыя падзеі праз 2 гады, мы разумеем, што рэакцыя свету сапраўды магла б быць значна больш адчувальнай. Калі шчыра, міжнародным арганізацыям, у тым ліку АБСЕ, варта было прыкласці больш намаганняў для вырашэння крызісу ў Беларусі. І я ўсё яшчэ веру, што АБСЕ ў сілах зрабіць шмат.

    У 2020-м беларусы ўразілі ўсіх і найперш саміх сябе. На маршы з патрабаваннем сумленных выбараў выйшлі амаль паўтара мільёна чалавек у 40 гарадах. Мы зрабілі выбар на карысць дэмакратыі, а не дыктатуры. Дыктатар скраў у нас магчымасць выбару і запусціў махавік жорсткіх рэпрэсіяў.

    Міжнародныя арганізацыі, і АБСЕ сярод іх, у асноўным абмяжоўваліся заявамі з асуджэннем і справаздачамі. Нашыя просьбы пра ўрэгуляванне крызісу пры міжнародным пасярэдніцтве не былі пачутыя. Выпадкаў парушэння правоў чалавека рабілася ўсё больш. Для ўвядзення дзейных санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі спатрэбілася 9 месяцаў. І ўведзеныя яны былі толькі пасля выкрадання самалёта Ryanair.

    Адчуваючы беспакаранасць, Лукашэнка працягваў падымаць стаўкі: ён распачаў міграцыйны крызіс, а зараз яшчэ і стаў памагатым у вайне. Без Лукашэнкі не было б магчымасці атакаваць Кіеў з поўначы. Сёння мы бачым, як стаўкі растуць яшчэ вышэй. Ён выкарыстоўвае ў якасці зброі прадукты харчавання. Калі быць больш канкрэтнымі – патрабуе зняцця санкцый з калійнай прадукцыі як умову забеспячэння транзіту ўкраінскага збожжа праз Беларусь. Ён ставіць перад намі ілжывую дылему: харчаванне ці правы чалавека. Я заклікаю вас не паддавацца на шантаж дыктатара.

    Тым часам рэпрэсіі набіраюць абароты. Сёння праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ 6 чалавек, а іх агульная колькасць дасягнула 1223. Роўна год таму іх было ў тры разы менш, 436. 909 палітвязняў асуджаныя на 4300 гадоў турэмнага зняволення. Проста задумайцеся – 4 300 скрадзеных гадоў жыцця.

    Прыпыненне рэпрэсій можа прывесці да крушэння рэжыму. Пошук ворагаў стаў на дадзены момант прыярытэтнай задачай для ўсіх праваахоўных органаў. Некаторыя з іх нават спаборнічаюць у тым, чые рэпрэсіі больш маштабныя. Лукашэнка цудоўна разумее, што ў 2020 г. людзі адчулі свабоду. Аднаго дня без арыштаў будзе дастаткова, каб на вуліцы зноў выйшлі тысячы.

    Таму па яго загадзе растуць і тэрміны зняволення. У 2020 г. актывістам пагражала 15 сутак у турме, сёння – 15 гадоў і нават больш. Гэтыя людзі не проста палітычныя вязні, яны закладнікі. Так, напрыклад, мой муж, Сяргей Ціханоўскі, быў асуджаны да 18 гадоў зняволення. Я разумею, што для іх гэта спосаб ціснуць на мяне, але гэта яшчэ і цэтлік з цаной, якую яны навешваюць напярэдадні магчымага «гандлю палітвязнямі».

    Літаральна тры тыдні таму рэжым заявіў пра магчымасць прымянення пакарання смерцю ў выпадку так званых «замахаў на здзяйсненне актаў тэрарызму». Дзясяткам палітычных актывістаў абвінавачанне ў «замаху на здзяйсненне актаў тэрарызму» ужо прад'яўлена. Сярод іх – Марыя Калеснікава, Максім Знак і я сама. Мы неадступна сочым за ходам судовага працэсу над Мікалаем Аўтуховічам, якому можа пагражаць смерць.

    Да 2020 г. у Беларусі быў толькі адзін афіцыйны «тэрарыст», сёння іх 60. Рэжым навешвае на актывістаў цэтлікі «тэрарыстаў», каб запалохаць людзей, а яшчэ для таго, каб прымусіць міжнародныя арганізацыі, у прыватнасці Інтэрпол, паляваць на іх. Рэжым павінен быць выключаны з міжнародных структураў за злоўжыванне сяброўствам у іх. Называючы сваіх супернікаў «тэрарыстамі», рэжым таксама патрабуе ад Twitter, Facebook, Instagram прадастаўлення персанальных дадзеных пра іх.

    Праз гэтыя жорсткія рэпрэсіі наш пратэст сышоў у падполле. Цана стала занадта высокай: актыўнасць азначае неадкладны арышт, допыт, магчыма, катаванні, пераслед чальцоў сям'і… Нягледзячы на ​​гэта, 27 лютага дзясяткі тысяч людзей зноў выйшлі на вуліцы, на гэты раз – у знак пратэсту супраць вайны. Толькі за адзін гэты дзень адбылося 919 затрыманняў. З дня пачатку вайны за розныя антываенныя выступленні, якія ў Беларусі не спыняліся, затрымана 1714 чалавек.

    Супраць вайны выступаюць нават прыхільнікі Лукашэнкі. Антываенныя настроі ў беларускім грамадстве аб'ядноўваюць людзей усіх пакаленняў, прафесій і палітычных поглядаў. Па дадзеных вартых даверу сацапытанняў, 86% выказваюцца супраць патэнцыйнага ўдзелу беларускіх войскаў у вайне супраць Украіны. За апошнія тры месяцы на чыгунцы зафіксавана 80 мірных дыверсійных акцый. Хакеры-актывісты здзейснілі некалькі нападаў на аб'екты дзяржаўнай інфраструктуры, каб перашкодзіць перамяшчэнню расійскіх войскаў.

    Беларускі Антываенны Рух можа заявіць пра дзве свае перамогі:

    • Па-першае: нашая краіна не стала месцам, дзе расійскае войска пачуваецца ў бяспецы. Беларускія партызаны здзейснілі больш за 80 дыверсій на чыгунцы, каб спыніць перамяшчэнне расійскіх войскаў.
    • І па-другое: беларускае войска не ўвайшло на тэрыторыю Украіны, нягледзячы на ​​спробы ўцягнуць яе ў гэтую вайну. Гэта таксама дасягненне нашага народа, маці і, вядома, афіцэраў, якія адмовіліся выконваць злачынны загад.

    Беларусы рызыкавалі свабодай, здароўем, а часта і жыццём. Чаму? Бо мы разумеем, што лёсы нашых народаў цесна звязаныя. Бяспека Украіны немагчымая без дэмакратыі ў Беларусі. І наадварот.

    Да жалю, мы не можам гарантаваць, што з тэрыторыі Беларусі больш не будзе нападаў на Украіну. У Беларусі ўсё яшчэ застаецца значная частка расійскіх войскаў і баявой тэхнікі. Пастаянна праводзяцца вучэнні, мэта якіх – аслабіць сістэму абароны Украіны. Ужо відавочна, што Лукашэнка шмат у чым згубіў палітычны сувэрэнітэт і не кантралюе ў поўнай меры тэрыторыю Беларусі. Больш за тое, да нас даходзяць трывожныя сігналы пра тое, што нелегітымны Лукашэнка і Расія абмяркоўваюць правядзенне рэферэндуму аб аб'яднанні Беларусі і Расіі ўжо гэтай восенню. Гэтага нельга дапусціць.

    Я спадзяюся, што міжнародная супольнасць дапаможа нам вярнуць Беларусі суверэнітэт і законную ўладу. Аптымальны механізм, які зможа гэта забяспечыць, – новыя свабодныя і сумленныя выбары. З гэтага патрабавання ўсё пачыналася, і мы ад яго не адмовімся.

    Спадарыні і спадары,

    Я ўзважана падыходжу да пытання ролі міжнародных арганізацый ва ўрэгуляванні крызісу ў Беларусі. Іх магчымасці дастаткова абмежаваныя. І ўсё ж дазвольце мне падзяліцца некалькімі меркаваннямі пра тое, што можа зрабіць АБСЕ:

    • Першае. Было б мэтазгодна арганізаваць сёлета канферэнцыю на высокім узроўні, каб зрабіць высновы з дапушчаных раней памылак і зразумець, што яшчэ можна зрабіць для дасягнення найлепшых вынікаў. Мы дзякуем дзяржавам-чальцам АБСЕ, якія падтрымалі Венскі і Маскоўскі механізмы. Але ці прывяло гэта да канкрэтных дзеянняў з боку АБСЕ як арганізацыі? Я не ўпэўненая.
    • Другое: Выканаўчым органам АБСЕ трэба было б праяўляць больш ініцыятывы і рашучасці. Зразумела, я ведаю, што рашэнні ў АБСЕ прымаюцца паводле агульнай згоды, але адсутнасць практычных крокаў пазбаўляе нас надзеі. Абапіраючыся на нязменную падтрымку з боку Старшыні АБСЕ, Генеральны сакратар зможа больш актыўна садзейнічаць узгадненню неабходных рашэнняў.
    • Трэцяе: Пажадана запусціць ажыццяўляльныя праекты па аказанні дапамогі свабодным сродкам масавай інфармацыі. Гэтаму можа дапамагчы Прадстаўнік па пытаннях свабоды СМІ.
    • Чацвёртае. БДІПЧ як структуры, якая адказвае за захаванне правоў чалавека, варта прымаць больш актыўны ўдзел у жыцці беларускага грамадства. Яно можа супрацоўнічаць з праваабаронцамі і выносіць заключэнні па прававых пытаннях. Так, напрыклад, Венецыянская камісія ў лютым падрыхтавала вельмі важнае заключэнне па фіктыўнай канстытуцыйнай рэформе. БДІПЧ не выступіла з падтрымкай гэтага заключэння.
    • Пятае. Вярхоўнаму Камісару па справах нацыянальных меншасцяў неабходна надаваць больш увагі палякам, арыштаваным у Беларусі. Цяпер Анжаліка Борыс і Андрэй Пачобут, вядучыя прадстаўнікі Саюза палякаў Беларусі, знаходзяцца ў зняволенні без усялякіх на тое падставаў.

    Спадарыні і спадары,

    Я ведаю, што большасць дзяржаў у складзе АБСЕ робяць усё, што ў іх сілах, але мне падаецца, што АБСЕ ў цэлым магла б зрабіць больш.

    Дазвольце мне ў заключэнне выказаць крыху аптымізму. АБСЕ была створаная як супольнасць вельмі розных дзяржаў. Яна будавала масты там, дзе іх ніколі не было. Яна наладжвала сувязі паміж народамі, а не паміж краінамі і рэжымамі.

    Я думаю, што калі гэтая арганізацыя вернецца да сваёй першапачатковай задачы аб'ядноўваць людзей, то ў будучыні ёй падрыхтаваная важная роля. Сярод народаў, аб'яднаных АБСЕ, будзе і народ Беларусі. Менавіта народ, а не рэжым і не палітыкі, якія прыходзяць, а прайграўшы выбары, хочацца верыць, адыходзяць.

    Дзякуй!» 

    Апошнія навіны