• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Прэс-брыфінг Ціханоўскай: рэакцыя на сітуацыю з Латыпавым, міжнародная праца, найбліжэйшыя планы

    02 чэрвеня, 2021

    «Рэжым забівае людзей на вуліцах. Рэжым забівае людзей у турмах. Два тыдні таму мы страцілі Вітольда Ашурка, тыдзень таму зусім юны Дзмітрый Стахоўскі скончыў з сабой, не вытрымаўшы ціску на допытах. Учора беларусаў паралізаваў жах ад таго, што Сцяпан Латыпаў прама ў зале суда спрабаваў перарэзаць горла і вены на руках. 51 дзень да гэтага Латыпаў, паводле яго слоў, знаходзіўся ў «прэс-хаце». Гэта гукаізаляванае памяшканне для катаванняў – ці звычайная камера, якую ператвараюць у катавальню і ўключаюць гучную музыку, каб не было чуваць, як мучыцца той, каго маральна ці фізічна знішчаюць.

    Мы ведаем, што адбылося са Сцяпанам, толькі таму што падчас суду ён цаной парэзаных вен змог распавесці нам праўду. Але мы не ведаем, што зараз адбываецца з Раманам Пратасевічам і Сафіяй Сапега. Мы не ведаем, што адбываецца з тысячамі людзей, якія сядзяць у турме. Таму кожны дзень мы працуем дзеля таго, каб спыніць гэты гвалт, вызваліць нявінных людзей і правесці новыя выбары прэзідэнта Беларусі.

    Учора пачалася ініцыяваная маёй камандай Міжнародная канферэнцыя па выбарах у Беларусі. Прадстаўнікі Еўрапарламента, Місіі ЗША пры АБСЕ, Парламенцкай Асамблеі АБСЕ згодныя з намі, што толькі выбары дапамогуць вырашыць крызіс у нашай краіне комплексна. Сёння другі дзень канферэнцыі – прадстаўнікі ЦВК розных краін пры мадэрацыі майго спецпрадстаўніка па выбарах Аляксандра Шлыка абмяркуюць, як правесці кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя рэформы выбарчага працэсу.

    За апошнія дні я правяла сустрэчу з прэм'ерам Нідэрландаў, прэзідэнтам і прэм'ерам Эстоніі, сустракалася з сенатарамі ЗША, дарадцам прэзідэнта Польшчы і кіраўніком Бюро нацбяспекі Польшчы. Адразу пасля інцыдэнту з Латыпавым мне патэлефанаваў канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц, з ім мы абмеркавалі, што можна зрабіць, каб спыніць гвалт і катаванні ў турмах.

    Мы будзем дамагацца прызнання рэжыма Лукашэнкі злачынным. Суддзі, пракуроры, сілавікі, чыноўнікі, якія саўдзельнічаюць або пакрываюць злачынствы супраць беларусаў, павінны панесці адказнасць. Мы застаемся на сувязі з міжнароднымі юрыстамі, якія дапамагаюць нам падрыхтаваць дакументы для пачатку міжнароднага расследавання злачынстваў рэжыму. Мы вітаем пачатак расследавання па факце згону самалёта, якім рэжым парушыў Чыкагскую і Манрэальскую канвенцыі аб паветраных перавозках.

    З моманту захопу самалёта ад усіх міжнародных партнёраў мы чуем адно і тое ж: час заяў прайшоў, настаў час дзеянняў. Яны гатовыя ўводзіць 4 і разглядаць 5 пакет санкцый, перарываць кантракты з рэжымам, цалкам ізаляваць яго палітычна і эканамічна. І ў той жа час – нарошчваць падтрымку саміх беларусаў. Відавочнай прыкметай таго, што Еўропа зачыняе ўсе дзверы для Лукашэнкі, стаў зацверджаны План ЕС для дэмакратычнай Беларусі, які ўключае дапамогу памерам да 10 мільярдаў даляраў на першыя гады развіцця новай Беларусі. Я асабіста вельмі рада, што частка гэтага Плана пойдзе на дапамогу ўдзельнікам стачачнага руху, а таксама беларусам і бізнесам, якія пацярпелі за свой пратэст – па Праграме падтрымкі рэпрэсаваных, якую напісаў мой прадстаўнік па эканоміцы Алесь Аляхновіч.

    Пры гэтым пратэст беларусаў працягваецца. Сітуацыйна-аналітычны цэнтр на базе ByPol запусціў мабілізацыйны план «Перамога». Гэты план з тэхнічнай рэалізацыяй праз чат-бота адкажа на галоўныя запыты грамадства: як вярнуць масавасць нашых дзеянняў; як мабілізаваць уменні людзей на карысць пратэсту; як зберагчы нашы рэсурсы, выкарыстоўваць іх эфектыўна і ў патрэбны момант.

    Заўтра я кіруюся ў Варшаву, на наступным тыдні – у Прагу і Берлін. У чэрвені я планую прыняць удзел у Радзе міністраў замежных спраў Еўрасаюза ў Люксембургу і ў слуханнях камітэта па замежных справах Сената ЗША. Я, усе дэмакратычныя сілы і беларусы працягнем рабіць усё, што ў нашых сілах, каб гэтыя страшныя часы ў нашай краіне скончыліся і больш ніколі не паўтарыліся».

    Апошнія навіны