«Пражэктар рэгіёнаў» : як вайна адбіваецца на беларускіх прадпрыемствах. «Нафтан» можа спыніцца на працягу 2-3 месяцаў

Наваполацкі «Нафтан» – адно з двух нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў у Беларусі. У 2008 годзе «Нафтан» далучыў да сябе хімзавод «Палімір».

Крыніцы «Пражэктара» паведамляюць, што цяпер цалкам спыненая лінія вырабу поліэтылену на «Паліміры». А вось што адбываецца на «Нафтане»:

  • Няма вывазу прадукцыі, якая раней ішла за мяжу. Склад перапоўнены

«Няма вывазу прадукцыі, якая раней ішла за мяжу. На чарзе спыненне ліній вытворчасці мапану і поліаміну па той жа прычыне. Праз санкцыі няма збыту, склад перапоўнены. Работы вядуцца на вельмі мінімальных магутнасцях. Кажуць, што «Нафтан» можа цалкам спыніцца на працягу 2-3 месяцаў».

Крыніцы паведамляюць, што спыненьне можа адбыцца нават хутчэй, і, што самае страшнае, з сур'ёзнымі тэхналагічнымі парушэннямі.

  • Гэтыя парушэнні могуць прывесці да тэхнагеннай катастрофы. Ад яе наступстваў загіне ўвесь горад

«У залежнасці ад тэхналагічных складнікаў спыняецца працэс хімічных рэакцый. Калі будуць парушэнні, можа здарыцца тэхнагенная катастрофа, атручэнне людзей і навакольнага асяроддзя выкідамі хімічных рэагентаў. Магчымыя выбухі і пажары. Прамзона «Паліміра» і «Нафтана» па памеры – як сам горад Наваполацк і знаходзіцца ў двух-трох кіламетрах ад яго. У савецкі час усё ў гэтым месцы будавалася з парушэннем нормаў бяспечнага размяшчэння вытворчасці адносна горада».

Крыніцы кажуць, што, да прыкладу, на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе, у адрозненне ад «Нафтана», улічаныя адлегласці горад-вытворчасць.

«Мазырскі НПЗ знаходзіцца ад горада ў 35-40 км. А Наваполацкая прамзона – вельмі блізка да горада. І хімічнае атручэнне насельніцтва ў выпадку тэхнагеннай катастрофы імгненнае і непазбежнае. Нават калі апавяшчэнне спрацуе, людзі проста не паспеюць зрэагаваць і загінуць. Наваполацк лічыцца адным з брудных – з хімічнага пункту гледжання – гарадоў. У прамысловую зону ў часы СССР уваходзілі тры хімічных гіганта: «Нафтан», «Палімір» і гора хімічнай індустрыі, што задымляла горад, – прадпрыемства бялкова-вітамінных канцэнтратаў, якое, дзякуй богу, зачынілі».

Калі «Нафтан» спыняць, кажуць крыніцы, запусціць потым хутка ланцужкі вытворчасці не атрымаецца.

«Калі частка спецыялістаў разʼедзецца па сусветных НПЗ у пошуках працы і выжывання, на падрыхтоўку новых спецыялістаў для запуску вытворчасці спатрэбіцца процьма часу і рэсурсаў. Нядаўна на «Нафтане» быў сход работнікаў. Кіраўніцтва сказала, што няма належнага збыту нафтапрадуктаў. Ёмістасці па паліву, па мазутным, бітумным складнікам перапоўненыя. Аб спыненні пакуль гаворка не ішла, але сказалі, што «зрэжуць» прэміяльныя да паляпшэння ўмоў збыту і рэалізацыі прадукцыі. Настрой у людзей трывожны».

***

Выказаць пратэст супраць крызісу, у які нашу краіну зацягвае Лукашэнка і вайна, дзе ён саўдзельнік, можна, далучыўшыся да Антываеннага Руху.

Калі вы хочаце расказаць пра жыццё і працу ў рэгіёнах, калі ласка, пішыце нам у https://t.me/bel2020_bot.

7 красавіка 2022 в 13:00