• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Ціханоўская: «Мы ўжо падалі ЕС для наступнага спісу санкцыяў спіс так званых дэпутатаў»

    18 мая, 2022

    Ціханоўская: «Сёння ў Беларусі падпісаны ўказ аб смяротным пакаранні за «замах на акт тэрарызму» – у той жа дзень, калі ў Беларусі з'явілася навіна пра магчымую забарону прадаваць «1984» Оруэла. У будучай Беларусі, калі мы будзем узгадваць гэты час, будзе складана паверыць у тое, што ўсё гэта з намі сапраўды адбывалася.

    Оруэл у гэтай кнізе добра вызначыў адзінае, на што можа спадзявацца Беларусь пры Лукашэнку. Ён сказаў так: «Калі вам патрэбны вобраз будучыні, уявіце сабе бот, які топча твар чалавека – вечна».

    Не ведаю, ці з'яўляецца Беларусь лідаркай па колькасці «тэрарыстаў» на душу насельніцтва, але нашая краіна сапраўды лідарка па тым, колькі цудоўных і таленавітых людзей названыя гэтым словам. Таму што «тэрарыстамі» для рэжыму з'яўляюцца журналісты, праваабаронцы, медыкі, працоўныя – і многія іншыя сумленныя і прыстойныя людзі. І ўсе як адзін – апаненты Лукашэнкі. Такія ж, як Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі, Зміцер Завадскі, якія зніклі ў 1999-2000 гадах. І калі вы выйдзеце на вуліцу і спытаеце беларусаў, што з імі адбылося, то зразумееце, што ёсць грамадскі кансэнсус: яны страцілі жыццё па загадзе Лукашэнкі.

    Каб можна было забіваць людзей проста за іншае меркаванне, цяпер смяротнае пакаранне распаўсюджваецца на тых, хто «меў намер» здзейсніць акт тэрарызму. Лукашэнка праз дэпутатку Нацыянальнага Схода Марыну Лянчэўскую проста вырашыў навешаць бірку «законнасці» на палітычныя забойствы. Я не проста так называю гэтае імя. Бо ў сталым грамадстве, да якога мы імкнемся, кожны павінен разумець адказнасць за дзеянні, які ён здзяйсняе. Лукашэнка – злачынец і дыктатар, але ён не змог бы так доўга мучыць беларускі народ, калі б навакольныя не дапамагалі яму ў гэтым. Так, у яго няма будучыні, ён ведае, што ідзе на дно. А вось усіх людзей, якія выконваюць злачынныя загады і прымаюць жахлівыя законы – чакае вельмі няпростая будучыня. Мы ўжо падалі Еўрасаюзу для наступнага спісу санкцыяў спіс так званых дэпутатаў, якія выступілі ў падтрымку гэтага закона і прагаласавалі за яго. Бо гэтыя людзі і ёсць той самы бот, якім Лукашэнка гадамі таптаў твар нашага народа. І ў гэтага бота хутка не будзе гаспадара».

    Апошнія навіны